Рыгор Барадулін
АМПЛІТУДА СМЕЛАСЦІ

І лірыка, і гумар


Падрыхтаванае на падставе: Рыгор Барадулін, Амплітуда смеласці: I лірыка, і гумар — Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. — 222 с.


© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010 

КАРЭННЕ АБЛАЧЫН

Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя,

Пакуль дымяцца коміны — нагрэйцеся ў бацькоў.

Калі адчай вякоў гайнёй ваўкоў завые,

Не трэба анікому ён, сум ля сляпых слупкоў.

* * *


Якія будуць сніцца сны
Нашчадкам нашым:
Ці дзень вясны,
Ці цень сасны,
Ці шум лясны,
Ці нашум?
Ці неба зорнае прыкмет
Для іх значэе —
I казак свет,
I след камет
Не будзе мець значэння?
Ці хопіць памяці званоў
Званіць у заўтра,
Прачнецца зноў
Трывога сноў,
I мы, як дыназаўры?

* * *


Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя,
Пакуль дымяцца коміны — нагрэйцеся ў бацькоў.
Калі адчай вякоў гайнёй ваўкоў завые,
Не трэба анікому ён, сум ля сляпых слупкоў.
Пішыце ім часцей, спакоем ахінайце,
Як ахіналі некалі яны ўсе вашы сны.
Без бацькавых надзей, без ціхай ласкі маці,
Куды б ані заехалі, вы будзеце адны.
Вы маладыя ўсе, пакуль бацькі старыя
Жывуць няўмольным клопатам, каб вам лягчэй было.
А на глухой страсе, якую вецер крые,
Бацян забытым клёкатам нясе ў гняздо цяпло.
Бацькі глядзяць на свет шпакоўнямі пустымі,
Адкуль у вырай вымкнулі вясёлыя шпачкі.
А крылаў лёткі след трывогай жалю стыне,
I выбягаюць дымкія сцяжынкі нацянькі,
Спяшайцеся паспець душою разгавецца,
Пакуль, спагады просячы, на выстылым галлі
Трымціць лісток ледзь-ледзь бяссонніцай на вейцы,
Пакуль завеі ў роспачы шляхоў не замялі.

Дамоў


— Дамоў! — гукае маці
Дачушку.
Дзе яна?
Спакой туманнай масці
Пасецца ля акна.
— Дамоў! —
Не хоча неслух
Ісці ў начны палон,
Дзе ціша ў мяккіх крэслах
Забыты бачыць сон.
— Дамоў! —
Свае чароды
Вясной вяртае край.
Матулін голас родны,
Гукні мяне, парай.
— Дамоў! —
Спрабуе скруха
Гукаць мае гады
Туды,
Дзе будзе глуха
І ў дождж, і ў халады...

* * *


3-за парога роднай хаты —
3 запарожжа
Пачалося падарожжа
У запарошша,
Дзе пароша запрашала
У заварожжа,
Дзе на шчасце варажыла
Раздарожжа...

* * *


Мне дома цяжка заснуць,
Пакуль ува мне засынаюць
Неба, ад жаўранкаў ажаўранелае,
Што для мяне іх раней разбудзіла;
Нечапаныя вішні ў цвеце,
Якім нецярпіцца зірнуць у студню;
Дзьмухаўцы-жаўтароцікі,
Ад вугольчыкаў пчолаў пякучыя;
Рэчка, дзе плёхае пранікам плотка,
Мыючы дзецям сваім кашулі;
Луг, дзе трава раскашуецца,
Як маладая чупрына мая даўно;
Мятлік гарачы, які раскрывае крылы,
Правяраючы недаверліва, ці ягоныя;
Луговіна, што ператрасае пярыны з зімы,
Аж завейна ад цёплага пер'я кнігавак;
I, вядома ж, абавязковы бусел —
Ён па традыцыі даўняй
Мусіць мой сон пераксціць,
Як некалі гэта рабіла мама,
А цяпер яе дома няма.
Я чакаю, пакуль яны ўсе заснуць,
А пасля іх прашу, заклінаю ласкай
Сноў маіх не мінаць анідзе —
3 імі ўсюдых я дома буду...

* * *


Дрэвы за душой не носяць злосці.
Мы на іх з сякераю, з пілой.
А яны прытуляць на пагосце,
Плачучы па нас жывой смалой.
Мы іх папялілі, карчавалі,
Ворыву пакінуўшы прастор,
А яны за намі качавалі,
Не ўшчувалі, тоячы дакор.
Дол умураваўшы камянямі,
Дошкамі трывала ўслаўшы дно,
Мы да дрэў адносіны мянялі,
Мы іх запрашалі пад вакно.
Ды, перасяленцы, з недаверам
Дрэвы чулі шум свайго галля,
Як ні называлі
Паркам, скверам
Іхнія калоніі пасля.
Хаты, што і з краю
I з бярвення,
Цвёрда высылаюць гарады
На былыя месцы пасялення,
Дзе шумелі дрэвамі,
Туды.
Слыху не стае густога спеву,
Воку —
3 пальцаў плота гладыша.
Як сабе,
3 гадамі верыць дрэву
Неадзервянелая душа.

* * *

А над сном матулі асака...

Аляксей Пысін
На вечны твой гарод
За плот глухі, жалезны
Паслы тваіх турбот
Няпрошана залезлі:
Асот і крапіва,
Трыпутнік і макрыца,
Сівая галава —
Рамон святлом іскрыцца.
I плача, змогшы тлен
Загону ўсёўладаркі,
Слязьмі сухімі кмен
3 забытай гаспадаркі.
Саміх нябёс ганцы,
У памяць гаспадыні
Набожныя званцы
Прынеслі смутак сіні.
Дзядоўнік падысці
Наважыўся з зароўя.
Усё як у жыцці,—
Пяшчотна і сурова.
Сярпом і секачом,
Матыкаю крывою
Дзе з песняй,
Дзе з плачом
Ты білася з травою,
Старалася штодня.
А я чапаць баюся:
Зялёная радня
Яна ў адным хаўрусе.
Стаў аблачынкай дым
3 жыццёвага надзела.
Зайздросцячы жывым,
Трава пазелянела.
Узгорак у мальбе,
У яго таксама сёння,
Як некалі ў цябе,
Зялёныя далоні...

Каўчэг


Жыла чаканнем летняга цяпла,
Была для ўсіх
Прыветлівым начлегам.
3 вайны,
3 патопу попелу ўсплыла
Хаціна наша
Ноевым каўчэгам.
Каўчэг хістаўся часам ад вятроў.
Азяблых нас ад голаду вадзіла.
Да лесу, дзе шумела столькі дроў,
Было далей, чым да якога дзіва.
За печкай ціха грэлася цяля,
Вялікадне
Кудахтала ў падпечку.
Агонь, што закліналі з вугаля,
Надзею цепліў
Хліпкую, як свечку.
Жылі ў каўчэгу
Дым і дамавік,
Галодны кот
I адпаведна мышы.
Ступаў мароз —
Лянотны ламавік —
Па бруку так,
Што чуў яго Усявышні.
У шыбіне ані прахукаць тхло.
I пара ледзянела на дзвярыне.
Нячысцік выў —
I ў коміне гуло.
I пары
Кожнай не было тварыне.
Не голуб —
Іх звяла блакада ўсіх —
3 аліўкавай галінкай,
А варона
Апавясціла, што патоп аціх.
Ад крапівы
Цвіло ў вачах зялёна...

Піліп


Прасілі талакою:
— Піліпе, шавяліся,
Сыграй ты нам такое,
Каб грошы завяліся!
Нібыта з ганарлівай
Залёткай чубіў спрэчку,
3 суседкай гаварыў ён,
А голас слаў за рэчку:
— Цераз рэчку жэрдачка,
На тым баку сэрдачка.
Клічу-клічу,
Не чуіць,
Няхай з богам начуіць!..
Не спаў у футарале
Смык у яго ніколі.
Шляхцянкі-хутаранкі
Не спалі ў наваколлі.
I ў смаляной кабылкі
Ён мог дабіцца згоды.
Памылкі,
Як абмылкі,
Змывалі часу воды.
Красунь у лес ад плётак
Вёў смелы смык Піліпаў.
3 гнязда не раз
Падлётак
Ягонай долі выпаў.
Нагамі чуў Еўропу,
Піліп ішоў з палону
Да маладога кропу,
Да ўшацкага булёну.
I зноў іграў вяселлі,
Вірыў-юрыў ігрышчы.
Як гусі, палі-селі
Снягі гадоў на ржышча
Жыццёвага загону,
Дзе ўсмак пасмычыў гора
А спрыт ляцеў з адхону,
А стома лезла ўгору.
Бо й скрыпка пасумуе
Не доўга, для парадку,
Дый пра сябе самую
Загадвае загадку:
— Авохці мне,
Пяць на мне,
Шосты строчыць.
Што ж ён хочаць?
А клопаты паслугай
Яго не абміналі.
Хадзіў па лузе з пугай
I ў небе камінарыў.
Ішлі паволі з поля
Звяздоні ды Букеткі,
Давалі скрусе волю
Ссівелыя суседкі.
На ўзлеску адшкадуе
Ялінку маладую —
I комін граў трубою,
Вітаў зіму журбою.
Чаму я пра Піліпа,
Веселуна з пасёлка,
Успомніў?
Смутак-клыпа
Ідзе здалёку золка.
Завея загалосіць
У незабытым краі,
Здаецца, спеў узносіць —
Піліп на скрыпцы грае...

Яблыні


Адны на лавачках ля муроў
I днююць, і вечаруюць.
А думкі днеюць там,
Ля двароў,
Сякуць ахрап'е, з поля кароў
Чакаюць,
На лехах шчыруюць.
А думкі ў госці ідуць
Да радні:
Кумы частуюць,
Клапоцяцца свацці.
Балюча ўспамінам —
Які ні крані.
Старыя яблыні,
Іх карані
Не прыжываюцца на асфальце.

Рунь


Яны ў вайне навечна засталіся,
Палі вайны засеяўшы сабой.
Палеглі за пагоркі,
За сталіцы.
Спакой
Рунее іхняю сяўбой.
У мірнае зямлі на далані
Балюча важыць
Зерне цішыні.

Халодны прытулак


Тых, што жылі
Пры бамбёжках і пры абстрэлах
I пасля,
Ад цішыні не аглухшы,
Выжылі,
Сынкі-пестункі ўладкоўваюць
У дамы прыстарэлых,
Дзе перад старымі крыўды
Перадкуюць выжламі.
Дзеткамі рай абяцаны
На самай мяжы з апраметнай —
Спачатку бацькоў
У горад вязуць з куфэркамі,
А пасля,
Атрымаўшы на іх дадатковыя метры,
Збываюць, як мэблю старую,
Каб інтэр'ер не кавэркала.
У дамах прыстарэлых
Сцены з бёрнаў абразы,
Столь з аглухлай тугі,
3 адчаю маснічыны.
Туды, як з блакады чэргі,
Далятаюць спагады фразы.
Там выбухам глушыць спакой —
Пасынак ласкі знішчанай.

* * *


Ці перспектыўнае сяло,
Дзе густа жыта каласіла,
Дзе нема гора галасіла,
Вяселле песнямі гуло?
Ці перспектыўнае сіло,
Што словам матчыным нашчадка
У палон адданасці няшчадна
Невынішчальнасцю ўзяло?
Ці перспектыўнае святло,
Што над калыскай заяснела,
Каб гадавала мару смела
Надзеі ранішняй жытло?
Ці перспектыўнае чало,
Што, зняўшы шапку-аблавушку,
Падпільнаваўшы думкі птушку,
Хмурнець ласкава пачало?
На ўсё,
Што будзе,
Што было,
Адкажа час без нашай спешкі,
Пакуль блуканняў нашых сцежкі
Знявагаю не замяло.

* * *


Хат болей, чым людзей.
Цямнее вечарамі,
I ціхі ўецца ўранні
Дым з комінаў радзей.
Галлём жыцця да дна
Пазагаціўшы гаці,
Дасюль у кожнай хаце
Яшчэ жыве вайна.
Жывыя вочы хат
Глядзяць праз пальцы дошчак,
Як скача босы дожджык
Па лехах наўздагад.
I хаты ў бабылі
Пайшлі б,
Ды моцна гэтак
Двароў,
Хлявоў,
Паветак
Трымаюць хатулі.
А галасы надзей
У даўнім перапудзе
Гукаюць:
— Дзе вы, людзі?!
Хат болей, чым людзей.

Былая вёска Аралля


Уціснулі спіны ў зямлю
Падмуркаў жалобныя крушні.
Тут страшна шаптацца быллю,
Здзічэламу сіверу скрушна.
Баяцца расці камяні —
Свой нораў зыначылі звыклы.
Тут толькі ўспамін схамяні,
Ускінуцца полымя іклы.
Ішоў Бай па сцяне
У чырвоным жупане.
Баіць ці не?
А можа, цемра агонь заглыне?
Баіць.
Няўжо не стоміцца куляў заедзь?
Баіць.
Чым апошнія хвілі бавіць,
Покуль сынок засне?
Агонь на сцяне.
Не-
ба,
Дзе ты?
У дыме — адно прасветы.
Табе дзірванець, Аралля.
Дзе сейбіты,
Дзе аратаі?
I з песні твайго жураўля
Вясна ні адна не вяртае.
А на араллі жураўлі
У песні хадзілі.
3-пад Кубліч
Вяселлі і ксціны гулі,
Стаеннікі дзятлінку скублі.
Тут час
Памыляецца ў днях,
Тут жах
Сам сябе карануе.
Па прысаку, па камянях
Адчай свой загон барануе.

* * *

Івану Роўбу