I. Я. Лепешаў
Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

ПРАДМОВА

У беларускай мове, як і ў іншых мовах, будаўнічым матэрыялам, «цаглінкамі» для сказаў служаць не толькі словы, але і фразеалагізмы — устойлівыя, узнаўляльныя, не менш як двухкампанентныя моўныя адзінкі, якія спалучаюцца са словамі свабоднага ўжывання і маюць цэласнае значэнне, не роўнае суме значэнняў фразеалагічных кампанентаў (калі іх разглядаць на ўзроўні слоў). Гэта, напрыклад, такія кароткія, але змястоўныя і трапныя выразы, як ад яйка адліць, аршын з шапкаю, выйсці сухім з вады, гады ў рады, дзірка ад абаранка, за дзедам шведам, малоць не падсяваючы, сабакам сена касіць, следам за дзедам, смаловы дуб, як босаму разуцца. Іх у нашай літаратурнай мове больш за шэсць тысяч.

Пісьменнікі, фалькларысты, лінгвісты слушна называюць фразеалагізмы самародкамі, самацветамі роднай мовы, залацінкамі народнай мудрасці. Каб залацінка гэта свяцілася ў пісьмовым тэксце, у вусным маўленні, яе трэба выкарыстоўваць умела і дарэчы.

Свядомае і асэнсаванае засваенне, а затым і ўжыванне шмат якіх фразеалагізмаў можа быць паспяховым толькі пры ўмове, калі носьбіт мовы ведае вытокі, гісторыю ўзнікнення гэтых выразаў, мае хоць бы элементарнае ўяўленне пра жыццё пэўных фразеалагізмаў у часе і прасторы. У досыць многіх з іх, як пісаў Б. А. Ларын, «усе словы вядомыя, а сэнс цэлага застаецца няясным»[1]. Так, частаўжывальны, асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе, фразеалагізм пятая калона (калька з іспанскай мовы) абазначае ‘варожая агентура ўнутры краіны'. А каб зразумець, пры чым тут калона і чаму пятая, трэба ведаць этымалогію гэтага выразу. А бывае так, што сэнс фразеалагізма, напрыклад, шуры-муры (‘любоўныя справы, прыгоды’), прывычны, знаёмы, вядомы, а яго састаўныя часткі, неўжывальныя па-за фразеалагізмам, — незразумелыя, таямнічыя. А між тым гэты выраз склаўся ў выніку некаторага скажэння французскага свабоднага словазлучэння сhеr атоur (чытаецца як «шэр амур»), дзе сhеr — ‘дарагі, мілы’, а атоur— ‘любоў, каханне’ і ‘страсць, жарсць’.

Даволі многія фразеалагізмы могуць быць супрацьпастаўлены адпаведным свабодным, пераменным словазлучэнням, на аснове якіх яны ўзніклі і на фоне якіх ўспрымаюцца як разгорнутыя метафары. Супаставім, напрыклад: «Каровы стаяць сярод вуліцы, выцягнуўшы ўперад галовы, і сонна жуюць жвачку» (К. Цвірка) і «Ты мне жвачку не жуй, гавары канкрэтна» (А. Кудравец). Выдзелены ў папярэднім прыкладзе фразеалагізм абазначае ‘гаварыць нудна, аднастайна і бесталкова пра адно і тое ж’ і з’яўляецца выразам з жывой унутранай формай[2]. Матыў узнікнення гэтага фразеалагізма, як і многіх іншых, зразумелы і без этымалагічнага растлумачэння, хоць, па сутнасці, як слушна лічыць А. І. Малаткоў, «кожны фразеалагізм мае патрэбу ў гістарычна-этымалагічнай даведцы, у гістарычна-лінгвістычным вытлумачэнні свайго ўзнікнення і свайго мінулага»[3].

У дзвюх частках майго «Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў» (Мн.: Нар. асвета, 1981; Ч.2, 1993) атрымалі гістарычна-этымалагічную даведку больш за 1300 фразеалагізмаў[4]. Пошукі этымалогій працягваліся. Цяпер у даведніку, што прапаноўваецца ўвазе чытача, аб’яднаны ранейшыя і новыя этымалогіі, раскрываецца паходжанне каля 1750 фразеалагізмаў сучаснай беларускай мовы. Вельмі многія слоўнікавыя артыкулы, асабліва ў выданні 1981 г., папраўлены, дапоўнены ці скарочаны.

Слоўнікавы артыкул гэтага даведніка ўключае: а) загаловачную частку; б) агульную характарыстыку фразеалагізма паводле паходжання; в) тлумачэнне сэнсу фразеалагізма; г) ілюстрацыйны матэрыял; д) этымалагічную даведку. У асобных, рэдкіх выпадках паслядоўнасць частак слоўнікавага артыкула не захоўваецца: гэтага вымагае спецыфіка этымалогіі фразеалагізма, паказ на сувязь паміж зыходным і сучасным яго значэннем, на развіццё фразеалагічнага значэння і г.д.

Загаловачная частка.

Фразеалагізм прыводзіцца ў сваім мінімальным саставе і найбольш тыповай форме. Калі фразеалагізм мае не свабодны, а фіксаваны парадак кампанентаў або найчасцей ужываецца не з прамым, а з адваротным парадкам кампанентаў, то гэта адлюстроўваецца ў загалоўку: вадой не разальеш каго, жыўцом з’есці каго, на ваду брахаць. Месца націску ў кампанентах загаловачнага фразеалагізма абазначаецца толькі ў асобных выпадках, калі неабходна папярэдзіць розначытанне: áрэдавы вякі, выкручваць сырыцу з каго, на грэчаскія калéнды, на кругі свая, спусціўшы рукавы. Фанетычныя, акцэнтна-фанетычныя, марфалагічныя, словаўтваральныя і лексічныя варыянты фразеалагізма ўключаюцца ў загаловак і даюцца ў круглых дужках:

Іерыхонская (ерыхонская) труба.

Злавіць двух зайцаў (зайцоў).

Каменьчык(-і) у агародчый.

Танцаваць ад печы (ад печкі).

Вайна (бітва, змаганне) з ветракамі.

У круглых дужках падаюцца і трывальныя формы дзеяслоўных фразеалагізмаў, а таксама тыя нешматлікія формы зменлівага кампанента, у якіх здольны ўжывацца пэўны выраз:

Брацца (узяцца) у рожкіз кім.

Лавачка закрываецца (закрылася, закрыецца).

Як не свой (свая, сваё, свае).

Калі дзеяслоўнаму фразеалагізму ўласціва лексічная варыянтнасць, а яго граматычна галоўны кампанент можа ўжывацца ў незакончаным і закончаным трыванні, то ў загалоўку адна група формаў і варыянтаў аддзяляецца ад другой групы кропкай з коскай:

Выбываць (выбыць; выходзіць, выйсці) са строю.

Выводзіць (вывесці; спісваць, спісаць) у расходкаго.

Даволі многія фразеалагізмы не могуць ужывацца без абавязковага аб’ектнага акружэння («справа»). Іх значэнне рэалізуецца толькі ў строга акрэсленай канструкцыі. Гэта абавязковая лексіка-граматычная сувязь «справа» падаецца ў загалоўку слоўнікавага артыкула:

Адальюцца слёзыкаму чые.

Зуб за зуб зайшоўу каго, з кім.

Клюнуць на вудачкучыю, каго, чаго, якую.

Некаторыя фразеалагізмы маюць валентна абмежаванае значэнне. Яно выяўляецца толькі ў спалучэнні фразеалагізма са строга акрэсленымі словамі. Напрыклад, выраз куры не клююць (‘вельмі многа’) уступае ў кантакт толькі са словам грошай. Пры такіх фразеалагізмах у загалоўку прыводзіцца іх абавязковае слоўнае акружэнне. Словы-суправаджальнікі, без якіх той ці іншы выраз не можа рэалізавацца ў маўленні, падаюцца ў адных выпадках перад фразеалагізмам, у другіх — пасля яго:

Чакацьманны нябеснай.

Быць, заставацца і пад.за сямю пячаткамі.

Благім матамкрычаць.

Да касцейпрамокнуць, прамерзнуць.

Сустракаюцца фразеалагізмы з падвойнай абавязковай спалучальнасцю — «злева» і «справа»:

Станавіцца, стаць і пад.на роўную нагуз кім.

Як, што, чагохоча (захоча) левая нагакаго, чыя.

Факультатыўная частка фразеалагізма бярэцца ў ломаныя дужкі:

<Адны> скура ды косці засталісяна кім, у каго, ад каго.


Вушы вянуць<у каго, ад чаго>.

Ва ўсіх неабходных выпадках выкарыстоўваюцца адсылкі да алфавітнага месца, дзе этымалагізуецца пэўны фразеалагізм, якому ўласцівы варыянтнасць або пачатковы факультатыўны кампанент і інш.:

Бітва з ветракамі. Гл. вайна (бітва, змаганне) з ветракамі.

Агульная характарыстыка фразеалагізма паводле паходжання.

Пасля фразеалагізма, вынесенага ў загаловак, ідзе яго кваліфікацыя паводле паходжання. Як вядома, фразеалагізмы ў гэтых адносінах падзяляюцца на чатыры групы: 1) спрадвечна беларускія, 2) запазычаныя, 3) калькі, 4) паўкалькі. Сярод выразаў першай групы ў сваю чаргу вылучаюцца агульнаславянскія фразеалагізмы (біць у вочы, закрываць вочы каму, пераліваць з пустога ў парожняе), усходнеславянскія (ламаць коп ’і з-за каго, за што, легчы касцьмі), уласна беларускія (газеты чытаць, голаму за пазуху, з ветру вяроўкі віць).

У слоўніку пры кваліфікацыі спрадвечна беларускіх фразеалагізмаў, апрача тэрмінаў «агульнаславянскі», «усходнеславянскі», «уласна беларускі», даволі часта сустракаюцца і такія, як «агульны для ўсходнеславянскіх моў» (ад дошкі да дошкі, белыя мухі, выбіваць клін клінам), «агульны для беларускай і рускай моў» (абсевак у полі, вуха на вуха, на кудыкіну гару), «агульны для беларускай і ўкраінскай моў» (абы дзень да вечара, калі ласка, на ўсе застаўкі), «агульны для беларускай і польскай моў» (адправіцца да Абрама на піва, пры душы, як бабёр), «агульны для беларускай, украінскай і польскай моў» (грушы на вярбе, першы-лепшы, як свет светам), «агульны для ўсходнеславянскіх і польскай моў» (махнуць рукой на каго, на што, дах над галавой, кроў з малаком), «агульны для ўсходнеславянскіх, польскай і чэшскай моў» (мухі не пакрыўдзіць, сам не свой). Зразумела, што гэта не зусім дакладная кваліфікацыя фразеалагізмаў: сярод іх могуць быць і ўласна беларускія, якія перайшлі ў іншыя мовы, і, наадварот, запазычаныя з рускай або ўкраінскай ці польскай моў. Дакладную характарыстыку ў генетычным плане гэтыя выразы, магчыма, атрымаюць толькі з шырокім вывучэннем славянскай фразеалогіі ў гістарычным плане, калі будуць складзены гістарычныя слоўнікі фразеалагізмаў славянскіх моў. На сённяшнім жа этапе развіцця гістарычнай фразеалогіі і фразеаграфіі выкарыстанне тэрмінаў тыпу «агульны для ўсходнеславянскіх моў» больш правамернае, чым неаргументаваная кваліфікацыя пэўнага выразу як «уласна беларускага» ці «ўласна рускага» і г. д. Паяснім гэта такім прыкладам.