Уладзімір Шыцік
Падстаўка

Изображение к книге Падстаўка
Изображение к книге Падстаўка

ПАДСТАЎКА

Изображение к книге Падстаўка

1

З Сяргеем Апанасавічам Вежыкам мы пазнаёміліся ўчора. Спачатку ён мне не паказаўся. Невысокі, таўставаты. Валасы доўгія, аж на карку закручваюцца. Нос бульбінай, рот вялікі, усмешлівы. На субяседніка капітан Вежык глядзіць мякка і нібы бянтэжыцца. Мне падумалася, што яму да твару больш мальберт з пэндзалем — хай малюе флору і фаўну. Вядома, я не чакаў, што ўбачу волата з пранізлівым і жорсткім позіркам. На маім веку ў міліцыі такія не надта затрымліваюцца. Аднак і залішняя лагоднасць у абліччы, падобная на нерашучасць, таксама сустракаецца не часта. Прафесія наша, як не круці, сур'ёзная. А Вежык не проста сышчык, ён узначальвае ў Прыдняпроўску раённы крымінальны вышук.

Сяргей Апанасавіч, напэўна, здагадваецца, што не стае яму знешняй суровасці. Назваўшыся, ён вінавата ўсміхнуўся і няўпэўнена сказаў:

— Вось напрацавалі,— і паклаў моцную руку з растапыранымі доўгімі пальцамі на пухлую папку.

Я разгарнуў паперы. Мабыць, каб не перашкаджаць, Вежык успомніў пра нешта важнае і тэрміновае і выйшаў з кабінета.

Папка з крымінальнай справай, узбуджанай па факту крадзяжу ў Палыкавіцкім сельмагу, была ўжо ладна напакаванай: пратаколы, тлумачэнні, даведкі, заключэнні экспертаў, адказы на запытанні. Усё неабходнае, нічога лішняга. Я пачаў чытаць…

Вежык вярнуўся недзе гадзіны праз дзве. Ен не пацікавіўся аб маім уражанні і тым болей заўвагах. Разумеў, што патрэбны час, каб яны ў мяне акрэсліліся, выспелі. Ен спытаў пра іншае, якое, аднак, таксама мела дачыненне да яго клопатаў.

— Значыць, ёсць падазрэнне, што і ў нас, і ў суседзяў дзейнічае адна злачынная група?

— Так. У чатырох з пяці абрабаваных магазінах была або няспраўная сігналізацыя, або яе ўмела адключалі.

— А дзве апошнія, няўдалыя?

— Толькі пацвярджаюць меркаванні. Пасля нашага папярэджання ахова магазінаў была ўзмоцнена. Відаць, злачынцы карысталіся састарэлай інфармацыяй і не ведалі аб прынятых мерах.

— І нідзе не пакінулі слядоў?

— Нідзе. Хаця ў вас… Мне здалося, ты нешта такое выдзеліў.

Вежык з павагай паглядзеў на мяне, аж няёмка стала. Я не з ганарліўцаў, ды ўсё роўна прыемна.

— Падзяліся, Сяргей Апанасавіч…

Капітан зачымсьці пакратаў ручку замкнёнага сейфа, быццам разам са службовымі паперамі хаваў там і думкі, а тады прыгадаў адзін факт, далёкі быццам ад зместу гэтай папкі, якую я нядаўна вывучаў. Але на сваіх здагадках знак якасці мы ніколі загадзя паставіць не можам…

Аднак час збірацца. У маім гасцінічным пакоі ўжо зусім светла.

Пакуль гатуецца вада для кавы, галюся і разглядаю сябе ў люстэрку. Мне трыццаць два, з іх дзесяць на міліцэйскай службе. Бяссонная ноч пакінула знакі на твары. Ен бледнаваты. Але вочы не згаслыя, бадзёрыя. Значыць, ёсць яшчэ порах, прычым сухі. А што? Я не зломак і, спадзяюся, нават відны сабой. Рост сто восемдзесят, што і ў век акселератаў нямала. Плечы… Плечы, праўда, маглі быць і шырэйшыя, ды я не ў штангістах хаджу. Твар… Асабіста я да яго прэтэнзій не выказваю. Лоб не высокі і не нізкі, самы раз. Бровы кусцістыя, навіслыя над сінімі вачамі. Нос прамы, тонкі. Губы ўпарта сціснутыя. Так што ні адметнага, ні заганнага ў слоўным партрэце маёра міліцыі, старшага аператыўнага ўпаўнаважанага ўпраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў Леаніда Гаўрылавіча Хрытанькова я і на гэты раз не знаходжу. Я мог бы, калі на тое, сказаць пра сябе і нешта яшчэ. Аднак каза ўжо курыцца на стале шызым дымком, разносячы спакуслівы пах па ўсім пакоі. Гэта сігнал, што размінка скончана.

Уладкоўваюся ў мяккае крэсла ямчэй, спіной да акна. Мая ўвага зараз скіроўваецца на блакнот з некалькімі спісанымі старонкамі і купленую ўчора геаграфічную карту. Глытаю гаркаватае пітво без цукру і даю волю сваёй фантазіі. Кажуць, яна ў мяне няўрымслівая занадта. Я не крыўдую. Па мне, дык у гэтым лепш пера, чым не да…

Вежыка бянтэжыць адзін вельмі сур'ёзны факт: у тую ноч, калі абрабавалі Палыкавіцкі сельмаг, на шашы непадалёк ад вёскі загінуў механік мясцовага калгаса. Эксперты палічылі, што ён на крутым павароце не ўтрымаў матацыкл і выляцеў у кювет, дзе, як на тое, ляжала куча сабранага з палёў камення. Вежык не аспрэчваў гэты вывад і разам з тым дапускаў, што матацыкліста маглі збіць грабежнікі. Вядома, можна сказаць, што, не маючы ў руках нічога істотнага, капітан хапаецца за ўяўную саломінку. Ды калі разабрацца, у яго версіі нешта ёсць. Аўтамабіль уначы запамінаецца, асабліва чалавеку, звязанаму з тэхнікай. Грабежнікі маглі дапяць, што матацыкліст, пачуўшы пра кражу ў магазіне, напэўна, успомніць начную машыну, і, абганяючы, наўмысна зачапілі яго. Тады абодва выпадкі не звязалі ў адно, меркаванне ў Вежыка ўзнікла пазней. Разумею, яно даволі смелае. Аднак і я таксама з недаверам стаўлюся да падобных супадзенняў.

Прыняўшы думку Сяргея Апанасавіча, пайду далей за яго. Тут мне і спатрэбіцца набытая ў кнігарні геаграфічная карта. На ёй я пазначыў вёскі і пасёлкі, дзе былі абрабаваныя і дзе былі спробы абрабаваць магазіны. Есць у гэтых крадзяжах агульныя прыкметы: адбываліся яны пасля завозу каштоўных тавараў; магазіны знаходзяцца пры асфальтаванай дарозе. Апошняе, калі добра паваражыць над картай, можа нешта даць. Напрыклад, нейкае месца, якое будзе звязана самымі кароткімі прамымі з гэтымі сельмагамі.

Палыкавічы, Зароўцы, Дабрэйка, Бабінічы, Заходы, Ляды, Грабяні… Сем вёсак на стыку трох абласцей. І прынамсі з двух пунктаў можна правесці да іх патрэбныя мне стрэлкі. З гэтых пунктаў і пачну працу — пашлю запытанні, ці не было ў дні крадзяжу там або паблізу ўгонаў аўтамашын, якіх-небудзь іншых транспартных здарэнняў? А сам тым часам з'езджу ў Палыкавічы, у якіх адбыўся апошні з гэтых крадзяжоў.

2

Аўтобус спыніўся на плошчы перад будынкам сельсавета. Пасажыраў у канец маршруту прыехала мала. Раніцай людзі больш у горад едуць. Сярод маіх спадарожнікаў чужых, здаецца, двое — адзін адразу накіраваўся ў калгасную кантору, якая знаходзіцца ў супрацьлеглым боку плошчы; другі зайшоў на пошту, мяркуючы па сумцы, ён сувязіст.

Да гэтых прыезджых мне справы няма, іх я адзначаю па прывычцы. Ніколі не ведаеш загадзя, што і калі табе спатрэбіцца. Але, адзначыўшы, раптам лаўлю сябе на асацыяцыі…

Цяперашні адміністрацыйны цэнтр Палыкавіч, жылы пасёлак побач з ім ствараліся на незаселеным раней масіве, бліжэй да шасейнай магістралі. Мне часта даводзіцца бываць на сяле. Радуе, што будаўніцтва, якое вялося і даўней, апошнім часам набыло іншы кірунак — насельніцтва атрымлівае ўсё болей выгод. Палыкавічы — не выключэнне. Цагляныя катэджы аднаго і двух узроўняў, вакол іх невялікія сядзібы з гаспадарчымі пабудовамі. Есць у вёсцы і чатырохпавярховыя дамы. Вока радуецца… На жаль, я не экскурсант і не журналіст. Да майго задавальнення выглядам новай вёскі прымешваецца прыкрасць. Магазін, можа, і знаходзіцца ў прыгожым месцы, на пагорку, але далекавата ад жылля, на краі. Калісьці тут быў панскі маёнтак, ад якога засталося некалькі старых паўзасохлых ліп і рэшткі цаглянага падмурка. А далей аж да лесу прасціраецца шырокі поплаў. Ліпы добра хаваюць магазін. Уначы, нават месячнай, не надта заўважыш з вёскі, што ля яго робіцца. Адна надзея на сігналізацыю.

Цяпер сельмаг зноў адчынены пасля рэвізіі. Аднапавярховы будынак, сцены патынкаваны і пафарбаваны ў белы колер. З фасада два акны, паміж імі пад чорнай шыльдай уваход. Дзверы, як у маёй кватэры на лесвічную пляцоўку, вузенькія. Ды дзе гэта вы бачылі гандлёвую ўстанову, у якой бы дзве плыні пакупнікоў маглі размінуцца ў дзвярах, не паштурхаўшыся? У Палыкавіцкім сельмагу, аднак, наведвальнікаў значна меней, чым у гарадскіх гумах і цумах. Я стаю ўжо некалькі хвілін, прыхінуўшыся да чыйгосьці штыкетніка, і за гэты час у магазін зайшла ўсяго адна кабета. Праз акно відаць, што яна не столькі выбірае тавар-прадукт, колькі нешта абмяркоўвае з прадаўшчыцай. З кім менавіта, адсюль не разбяру, хаця завочна ўжо добра пазнаёміўся з абедзвюма работніцамі. З загадчыцай Клаўдзіяй Ларыёнаўнай Цярэшка — ёй сорак гадоў, замужам, мае трое дзяцёй-школьнікаў; і з яе памочніцай Ганнай Люцыянаўнай Шафранскай — па-вясковаму Нюркай. Пакупнікі да Цярэшка звяртаюцца больш пачціва — Ларыёнаўна. Відаць, прычына не толькі ва ўзросце. Яна і характарам стрыманая, разважлівая. Ганне Люцыянаўне нядаўна споўнілася трыццаць. Мужа не мае, і гэта яе вельмі засмучае. Вяскоўцы сцвярджаюць, што Нюрка яшчэ не страціла надзеі знайсці сабе чалавека і, можа, даўно знайшла б, каб не была задужа языкатая. Пярэчанняў не церпіць, два разы не паўторыць і наогул баламутка, з мухамі. Так гэта ці не — хай разбіраецца спажывецкае начальства. Мяне ж і Цярэшка і Шафранская цікавяць як магчымыя крыніцы інфармацыі злачынцаў. Падставы для гэтага ў мяне ёсць. Тыя ж злыя языкі кажуць, што да Шафранскай нібыта нехта прыязджае тайна, прычым не прыдняпроўскі.